ANDREI KUZNÉTCHYK NASCEU EM 29 DE DEZEMBRO DE 1978 EM VÍTSEBSK. ANTES DAS PRISÃO, ELE TRABALHAVA COMO JORNALISTA. COLABOROU COM OS JORNAIS KOMSOMÓLSKAYA PRAVDA E NASHA NIVA. ANTES DA DETENÇÃO, TRABALHAVA COMO JORNALISTA FREELANCE PARA RÁDIO SVABODA.
ANDREI KUZNÉTCHYK FOI DETIDO NO FINAL DE 2021 ACUSADO DE COLABORAÇÃO COM EDITORAS DECLARADAS PELO REGIME COMO "EXTREMISTAS". ELE FOI PUNIDO POR 6 ANOS EM UMA COLÔNIA PENAL COM REGIME REFORÇADO.
Encontre o endereço atual de Andrei em sua PÁGINA PESSOAL no site do Centro de Direitos Humanos Viasná. Você pode ENVIAR UMA CARTA ou um cartão postal online para apoiá-lo.
Na língua e nos versos, em pessoas iluminadas nos lugares escuros, – Belarus Vive.
Андрэй Кузнечык нарадзіўся 29 снежня 1978 г. у Віцебску. Да арышту займаўся журналісцкай дзейнасцю. Працаваў у «Камсамольскай праўдзе» і «Нашай Ніве», перад затрыманнем у якасці журналіста-фрылансера супрацоўнічаў з «Радыё Свабода».
Андрэй Кузнечык быў затрыманы ў канцы 2021 г. за супрацу з «экстрэмісцкімі» выданнямі. Яго пакаралі 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму.
АКТУАЛЬНЫ АДРАС АНДРЭЯ МОЖНА ЗНАЙСЦІ НА ЯГО АСАБІСТАЙ СТАРОНЦЫ НА САЙЦЕ ПЦ «ВЯСНА». АДТУЛЬ ЖА ПРАЗ АДПАВЕДНУЮ СПАСЫЛКУ МОЖНА ДАСЛАЦЬ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНАМУ ПАШТОЎКУ.
Сцяў мароз лугі, палеткі.
Снег завеі рассцілаюць.
Але ёсць такія кветкі,
Што і ўзімку расцвітаюць.
Кветка шчырага сяброўства –
Калі сцюжаю зацятай
Зазірнеш з ласункам простым
На гамонку пад гарбату.
Цемра. Замець не сціхае.
А любові цёплай краска
За сямейны стол збірае
Маму, тату, дзетак разам.
З кветак чуласці і ласкі,
Добрых спраў і мараў светлых
Грэюць самым змрочным часам
Шчасця сціплыя букеты.
У мароз з лістом ад таты
снежны кот бяжыць дахаты.
Плошчу, парк і плот высокі
ён мінае за тры скокі.
Я сказаў яму на вушка
для сыночка і дачушкі
прывітанне перадаць,
сон святочны паказаць.
На падворку папаўненне –
запар тры дні нараджэння.
Пі-пі-пі-пі, ціў-ціў-ціў,
Меўся ж быць яшчэ адзін!
Папікаюць кураняткі:
– Штось забавіўся ты, братка.
Каб у яйку не нудзіцца,
вылупляйся весяліцца!
Час ужо тваёй хаціне
стацца хрумсткім шкарлупіннем!
Ды на гэта птушанё
мае гледзішча сваё:
– Той апошні пасмяецца,
хто з жылплошчай застанецца!
Тут утульна, ціха, чыста –
рай індывідуаліста!
Хоць кампактна, – ды практычна,
Модна, мінімалістычна!
Суха, цёпла, а яшчэ
не прадзьме й не напячэ!
Так прамоўца распаліўся,
аж ускочыў, пакруціўся,
грудку выпяў, лапку ўбок,
чуб угору і тут… Шпок!
…Падзяўбалі за паўхвілі
куры рэшткі той “цвярдыні”.
Часам лёсіць у жыцці
страціць штось, каб больш знайсці.
Праца ёсць у мамы з татам,
Хочацца і мышанятам!
Да чаго ляжыць душа,
Трэба вызначыць спярша.
Не марудзячы ні хвілі,
Мышкі бізнэс свой адкрылі.
Ёсць шуфляды, шафы, лаўкі –
Будзем службаю дастаўкі!
І хвастатыя курʼеры
Прыступілі да карʼеры,
Стос акрайцаў, мех зярнят –
Атрымаўся з норкі склад!
Заказалі сабе самі
Хлебу з маслам і салямі.
Ды аблізваецца кот
На той смачны бутэрброд!
У дастаўцы вельмі важна
Быць адважна-незаўважным:
Фʼюць, шусь, блісь – і стол пусты.
Шчэ й паторгалі вусы!
І раней, чым кот зароў,
Мышкі ўжо ўцяклі дамоў.
Скокі, жарты, смех: “Дай пяць!
Будзем шмат яшчэ гуляць –
У дызайнераў, таксістаў,
Праграмістаў, журналістаў,
Лекараў, вартаўнікоў
І метрабудаўнікоў!
Бо бясконца весела
Выбіраць прафесію!”
Змрокам незгасальнага святла,
Аддаленнем адчування волі,
Абяцаннем рання без спатолі
На Вялікдзень снілася турма.
Цёплы вецер дарогі высушыў
І паклікаў у далеч вырушыць.
Затрашчалі ў зялёных шатах
Абазнаных турыстаў чаты.
Выхваляюцца лебедзь з качарам,
Як у выраі парыбачылі,
І расказваюць качкі курам
Пра распродажы і шоп-туры.
Размаўляюць шпакі з сініцамі
Пра круізы паміж сталіцамі.
Пракаўтнуўшы хот-фрог балотны,
Рэкламуюць буслы курорты.
Чаплі ж не прамінуць аказіі
Папляткарыць пра спа ў аазісах.
А стары трэвел-блогер грак
Стыміць з глогу якісь лайфхак.
У вяснушках вясна-вандроўніца
На сігвэі па небе коціцца…
Казкі дзяцінства ўплялі
Дзівы ў шляхі дарослыя,
Каб нам з табой на зямлі
Не размінуцца лёсамі.
Шчасця хай тчэцца кілім,
Зоркі ў далоні падаюць!
Цудам у сэрцы маім
Ты, мая кветка-папараць!
Пад касмічны парасон
У пясчынкі зорак
Спаць кладзецца сонны сон,
Павітаўшы золак.
Хіба сон таксама спіць?
Як такое можа быць?
Сон адведаў шмат планет,
Паблукаў у часе,
Праляцеў наскрозь сусвет
Мараў і фантазій.
Дзе ў аблоках хаткі, дзе
Дождж упоперак ідзе,
Рыбы размаўляюць
І ўсю ноч катаюць
Задаволеных дзяцей
У паветры і ў вадзе.
Ну а ўдзень – абдымкі, смех,
Ладкі, падарункі,
Гульні, песні, госці, снег,
Кніжкі і малюнкі.
Столькі нарабілася,
Што і сну не снілася!
Аканіцы заміраточылі
Пад напорам прыліву рання,
Кожнай кропляй грыміць праточанай
Незакончанае трыванне.
Дол калодзежны рэзкім росчыркам
Перакрэсліць шпакоў вяртанне.
Крыку калівам, пстрыкам пошчаку –
Незакончанае трыванне.
Дражніць мур уяўленнем далечы.
Цень-пацук шэры хвост хавае.
Трызніць прышласцю, дасынаючы,
Незакончанае трыванне.
У мове і ў вершах, у светлых людзях, што ў цёмных месцах, – Беларусь Жыве.
“ВЕРШЫ З-ЗА КРАТАЎ — СУМЕСНЫ ПРАЕКТ “ВОЛЬНЫХ ПАШТОВАК” І НАРОДНАЙ АМБАСАДЫ БЕЛАРУСІ Ў БРАЗЫЛІІ”