Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 года. Ён жыў у Гродне і працаваў журналістам-рэдактарам. Вядомы сваім раследаванням пра ўплыў "русского мира" на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.

У 2021 годзе Дзяніса затрымалі, а пасля па абвінавачваннях у “незаконным зборы і распаўсюдзе звестак аб прыватным жыцці” і “здрадзе дзяржаве” асудзілі да 13 гадоў і 1 месяца зняволення.

АКТУАЛЬНЫ АДРАС ДЗЯНІСА МОЖНА ЗНАЙСЬЦІ НА ЯГО АСАБІСТАЙ СТАРОНЦЫ НА САЙЦЕ ПЦ "ВЯСНА". АДТУЛЬ ЖА ПРАЗ АДПАВЕДНУЮ СПАСЫЛКУ МОЖНА ДАСЛАЦЬ ПАЛІТЗЬНЯВОЛЕНАМУ ПАШТОЎКУ.

"Наган бязьлітасна ўзьняты..."

Наган бязьлітасна ўзьняты,

Раптоўны спалах, стрэлу гук.

Твае сыны прырэчаны да страты,

Ляжаць у зямлі, нібы каменьняў брук.

На пакаяньня чын яны чакаюць

Нашчадкаў ідэйных тых, хто страляў.

Твае сыны без супакою спачываюць,

Бо іх у тую ноч ніхто не адпяваў.

У безназоўных іх магілах

Сьпяць ненароджаныя пакаленьні,

Паэзіі няісны скарб на белых крылах.

Душы народнае спадзевы і маленьні.

Жыцьцё задзьмуўшы яркі зьніч,

Ня здолела згасіць чырвоная навала

Вашай душы ахвярны кліч,

Што ў сэрцы полымем гарыць трывала!

(канец 2022)

Летуценьне

Пабыць у цішы сам насам з вамі
Пад шатамі дрэваў пад гоман пчалы,
Мядовага саду наталіцца дарамі
Хаця б на імгненьне палёту стралы.

П’янюткі водар адчуць першацьвету
І клёкат буслоў удалечыні.
Даруйце мне гэтую простую мэту
І гушканьне мрояў у вышыні.

Нараджаюся

У бязьмежнай прасторы й вечнасьці часу
Нараджаюся там, дзе Котра бруіць.
Дзе Гедыміна бурштын прахалоднага квасу
Наталяе смагу й прымушае жыць!

Дзе Лагодная Рыча пошумам хваляў
Распускае ў гарлачыках цэлы Сусьвет.
Дзе грыбы-лясуны шчыруюць на балях
а лебедзі-грацыі таньчаць балет.

Нараджаюся там, дзе Нёман віруе
І ў водах бурхлівых амывае вякі.
На зямлі сьвятой, дзе Бог нам даруе
Дае бласлаўленьне зь нябеснай рукі

Жыць вечна

Адолеў Ён сьмерць Уваскрасеньнем,
Дзьве тысячы год абнаўляючы сьвет.
Даруючы ўсім нам радасьць збавеньня,
Дарогі Крыжовай сьвяты Запавет.

Перамогі шчырая радасьць пануе,
Сьвятла й дабра над цемрай і злом,
Тварэньня акт нашу веру мацуе,
Запальвае душы нябесным сяйвом.

Хрыстос уваскрос і Беларусь уваскрэсьне
Пад сьцягам Ягоным сьвятым і спрадвечным
Мы славім Яго вагнём нашых песьняў
Жывы Ён – і мы будзем жыць вечна!

"Спадаюць шаты тугі й адчаю..."

Спадаюць шаты тугі й адчаю,
Калі ў кратах аксамітнага неба
Пяшчотным сьвятлом забытага раю
Шчыруе вячыстая зорка Венэра

"Віток чарговы вакол Сонца..."

Віток чарговы вакол Сонца,
У бездані ляцім мы крыжаной.
Палёт трывае наш бясконца,
За кожнай сочым навіной.

"Жыцьцё твае - толькі імгненьне..."

Жыцьцё твае – толькі імгненьне,
Як росная кропля  што люструе Сусьвет.
Заяскравяць першыя Сонца праменьні –
Зьнікне яе нават водбліску сьлед.

Спынісь таму, пыхлівы чалавеча,
Адкінь ману, сон розуму й хцівасьць,
Драпежніка шал і раўкладу пустэчу,
Гавань і скрэпы і прагу нажывы.

Жыві, кахай, будзь кропляй збавеннай,
Госпада нашага шануй Запавет.
Бо заяскравяць першыя Сонца праменьні –
Зьнікне яе нават водбліску сьлед.

(напісаў 16.03’24)

"Птушкаю вольнай узьляцець у нябёсы..."

Птушкаю вольнай узьляцець у нябёсы,
Ветру й сонцу раскінуць крыло.
У сад спавіты досьвіткам росным,
Вярнуцца, застацца, укленчыць бацьком

"Бруіць жыцьцём паветра аднаўленьня..."

Бруіць жыцьцём паветра аднаўленьня
Гаючым водарам брыняе вольны дух
Суквецьцем радасьці, любові і натхненьня,
Даўно ўжо пара здымаць зімы кажух!

"Вадою дняпроўскую ласкава спатолены..."

Вадою дняпроўскую ласкава спатолены,
Праношуся сокалам над драпежнай навалаю.
Крылом расьсякую хмары зьняволеньня
Атожылкаў змроку зграі зухвалае.

Праз пякельны, бурхлівы куродым Патопу
Касінерскай вечнай адвагай узьнесены.
Вольным ветрам хэрсонскага стэпу
Я лячу да цябе зь пераможнаю песьняй!

З Волі Гасподняй сустрэнуцца сэрцы
Звышновай выбухне цуд уз’яднаньня.
Мы ўвойдзем з табою ў нябесныя дзьверцы
Да вечнага шчасьця ў нашым Каханьні!

Я йду да цябе

Успалымлёны веліччу славы Яго
З пракаветнага сну, з прадоньня часоў,
Між цемрай і безданьню, з духу Пагоні
З далягляду падзей, дзе гартуецца кроў.

Праз прастору й час і бясконцасьць Сусьвету,
Праз водбліск Слова ў люстры нябёс,
Паміраў, аднаўляўся, шукаючы дзе ты,
У дыханьні зораў нараджаўся наш лёс.

Праз крыгу й вагонь я йшоў да цябе,
З воляй рашучай, сьцятай у сталь.
Па сьмерці лязу з жартоўных усьмехам
Выцяў з душы шкадаваньне й жаль.

З баявой, бугуртнай прагай дзіўнай
Я йшоў да цябе, не зважаў на пакуты,
Празь Сінія Воды, Ґрунвальд, Крапіўну,
Праз Канатоп, Вільню, Слуцак і Круты.

Я йду да цябе свабодны душою –
Кайданы рабства не трымаюць мяне.
Паўстаю над жалобай, смуткам, тугою,
Сантымэнтаў раскоша згасла ў вайне

"З простакутніка суму гляджу ў нябёсы..."

З простакутніка суму гляджу ў нябёсы,
Спадзевам, надзеяй сэрца гарыць.
Зьнікаюць у полымі здранцьвеньня пакосы,
Прагу свабоду нельга скарыць!

Як немажліва нарадзіцца зноў,
Спыніць раптоўна часу бег.
Вярнуць назад нішчымнасьць слоў
У паветры горным запаволіць рэха.

Бо толькі зь ёю здабудзеш спакой,
Бо толькі зь ёю душа баліць.
Чалавек безь яе – мёртвы душой.
Прагу да волі няможна скарыць!

"Узносяцца душы з прывіднага сьвету..."

Узносяцца душы з прывіднага сьвету,
Свой вагонь палымяны яны зьбераглі.
Празь непакору трывала імчэлі да мэты.
Сьвятлом запаліць нашчадкаў змаглі.

На забыцьцё й здраньцьвеньне навечна засуджаны,
На волю, спавітую страхам, пакорай,
Вяртаюцца з выраю ў край свой абуджаны
Чароды нязломных, узьнесеных зорамі.

"Дратуюць тынк упарта рукі..."

Дратуюць тынк упарта рукі,
Бель выцінаючы з зацьвілых муроў.
Пад шкельцам сьцятым нараджаюцца знакі,
Зь якіх паўстае Крыж Веры сьвятой.

Вечар Вігіліі яго асьвяціў
У прыцемку змрочным цэлі пакутнай.
Мейсца цярпеньня Крыж усьвятліў,
На кельлю пакаяньняў скрутных.

У малітоўным калядным узьнясеньні
Я Госпада слаўлю Хрыста.
Душы маёй найшчырыя маленьні
Пад усьвячэньнем ахвярнага Крыжа.

Спазіраючы на яго безупынна,
На касьцечках чытаю вяровіцу.
Паўстае, зіхаціць вокамгненна
Вобраз Госпада нашага Збаўцы.

Калядных містэрыяў сапраўдную веліч
Ты дорыш у кельлі манаскай маёй
Ты адчуеш клапатліва прагны мой покліч,
Ґартуеш мяне ў любові Тваёй.

Ніколі зноў!

1
Ніколі зноў ня мае маці
Назаўжды разьвітвацца з сынам.
Дажджом журботным яго спавіваць,
Маўклівым крыкам, тугой успамінаў.

2
Ніколі зноў ня мае Каін
Стаяць у промнях велічы й пашаны.
Глядзець на сьвет без пакаяньня,
Блюзьнерыць цяжарам адкрытых ранаў.

3
Ніколі зноў пад сьцягам Бога
Ня мае пралівацца кроў,
Бо кожная “сьвятая” перамога
Сьмярдзіць пачварнасьцю грахоў.

4
Ніколі зноў ня мае вораг
У неба блакіце і пад сонцам жытоў
Наталяцца куродымам пажараў і як молах
Нішчыць жыцьці сваіх небратоў.
Ніколі зноў, ніколі зноў!”

Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
ВЕРЫМ! МОЖАМ! ПЕРАМОЖАМ!

"Заварваю кубак зялёнай гарбаты..."

Заварваю кубак зялёнай гарбаты,
Чытаю зь няўсьцерпам лісты.
У таймлапсе імкліва зьмяняюцца даты,
Мінаюць смугою ў чаканьні гады.

У кратаваныя гляджу аблокі,
Збавённа гартаю кнігу надзей.
І крокі, жыцьцялюбныя, вольныя крокі –
Распальваюць мары цяпельца ярчэй.

"Як файна глядзець і ў неба разкрэсьлены блакіт..."

Як файна глядзець і ў неба разкрэсьлены блакіт,
Цешыцца, як у вочы трапляе Сонца вагонь залаты.
Як промні крыштальныя лашчаць аблічча нібы аксаміт,
Як віруе жыцьцё ў цябе, сьведчыць: ” ты ж – малады!”

На тле аблокаў бачыць чайцаў імклівы палёт,
Адчуць душою, што ў бязьмежным Сусьвеце плывеш.
Растапіць зьнявераньня, адчаю і сумненьня лёд.
І Богу дзякаваць ахвярна за то, што жывеш.

"Stars and stripes у сонечным зьзяньні..."

Stars and stripes у сонечным зьзяньні
Узьнёсла глядзяць на зямную калыску.
Сыноў чалавечых адважнае пасланьне –
Розумам ясных і сэрцам чыстых.

Яснавокая, мудрая ўладака Сялены
З адзінародным уз’ядналася братам,
І нашага Дня сьвятыя імгненьні
Праз 50 віткоў ушчасьціла, завітаўшы на Сьвята.

Наш пацалунак срэбрам асьвечаны
Вечна цнатлівай Латоны дачкі.
Адзін аднаму – нашыя сэрцы прысьвечаны,
У кнізе жыцьця супольныя пішуць радкі.

Артэміда, слаўная, дзіўная госьця,
Я сьведчу табе сваім жыцьцём і лёсам
З шляхетнай і душэўнай весялосьцю
Шчыра кажу поўні тваёй у нябёсах:

Сэнс жыцьця каханая мая мне падарыла,
Безь яе маленькім крокам рушыў па Зямлі.
Нашае ўзаемажыцьцё мяне ўспалымніла,
Вялікім цудам зьзяе для нашае сям’і!

"Не спыняцца, не наракаць - але рушыць наперад..."

Не спыняцца, не наракаць – але рушыць наперад,
Не зьнявервацца, не галасіць – але натхненьнем жыць,
Не сумнявацца, не адступаць –  але на стромкі ўзьбірацца бераг,
Не дагаджаць, не задкаваць – але свабодным быць.

"Я дзякую табе, Матуля..."

А зараз – абяцаны мною падарунак табе:
Я дзякую табе, Матуля,
За радасьць жыцьця. што мне падарыла
За лагоды, пяшчоты ласкавы прытулак,
За ўсе сьлязінкі, што празь мяне праліла.

За ўсе твае бяссонныя ночы,
Чаканьня нясьцерпнага цяжар
За твае поўнае пяшчоты зіхоткія вочы,
За сям’і сапраўднае шчасьце нашай.

Мая любая, я дзякую табе
За твой клопат, апеку, турботу.
За заступніцтва ад усялякіх бедаў,
За падрыхтоўку да ўзьнёслага палёту.

За дасягненьні ўсе й здабыткі,
За вышыні, якія ўзяў я крылом.
За неспатоленую прагу кахаць і жыць,
За родную старонку і бацькоўскі дом.

Я долу нізка кланяюся,
Матулечка, перад табою.
Прашу Госпада нашага Пана,
Каб Ласкаю ахінаў цябе Сваёю.

Абараняў, ахоўваў, зьберагаў,
Каб адарыў бадзёрасьцю духа, жыцьцёвым імпэтам.
Каб як мага хутчэй нас усіх уз’яднаў
І падарыў табе ўнукаў – нашых сонечных дзетак!

"Адчую індзейкі смак цудоўны..."

Адчую індзейкі смак цудоўны,
Чую ўвушшу – скурка хрумсьціць.
Яна паруе духмяна й чароўна –
Так скрылік ад яе адрэзаць карціць!

Шчодра макнуць у ткемалі ці таматны совус,
Запечанаю ў духоўцы бульбаю закусіць.
Капусткай квашанай – сакавітай і новай,
З журавінкамі агністымі прагу сваю спаталіць.

Заліць кампотам-міксам ад бабулі роднай,
Які з парэчак, аґрэсту, малінаў.
З шарлоткай сонечнай, шляхетнай і пяшчотнай
Нашыя найлепшыя ўзгадаць часіны.

Бірэма цярпеньняў

Мора бурхлівае ўзносіцца пенаю,
Волаты-хвалі гарой паўстаюць.
Пераменаў вятры скаланаюць усё тленнае,
Нікому літасьці не надаюць.

Бірэма самотная ў бездані пашчы
Спрабуе вырвацца, ратунак знайсьці.
Яна зьневажала на цярпеньні, пакуты нашыя,
Да берага ёй ужо – не дайсьці.

Бура віруе ў шале сваім,
Зьліваюцца хмары з воднаю крушняю.
Сырэны ўладару сьпяваюць гімн,
У абдымках сьмяротных люляюць і гушкаюць.

Над сьцішаным морам – сонца агмень
Красуе сьвітанкам новае раніцы.
Знаходзіць бірэму на дне ягоны прамень,
Зіхаціць вакол яе ў пераможным танцы.

"Давайце ўявім мы наўпрост..."

Давайце ўявім мы наўпрост,
Што скончылася нашае расстаньне.
Уздымем келіхі пад тост
За хуткае шчасьлівае вяртаньне.

Паразмаўляем, паспрачаемся, пасварымся і памаўчым.
У любові сямейнай шчыра пакаемся,
Гарэзна й салодка душою закрычым!

"Узьнёслы з краінай пад нябеснаю зоркай..."

Узьнёслы з краінай пад нябеснаю зоркай
Даўніны-маярату нясеш запавет.
Мядзьвежага роду праз час і прастору
Пуцявіны мацуеш старанна ў сьвет!

Патрапіў адважна на рынг калабегу
Воляй сталёвай стаіш да канца.
Крокам рашучым прастуеш дарогай,
Фільмуеш нязломна стужку быцьця.

Човен-сьцяжыну шматлікіх гадоў
Наталіў Палесься чароўнага водар,
Натхніў пошум катранскіх лясоў,
Хуткаплыннага Нёману сустрэла лагода.

Астрынская неруш – замілаваньне душы –
У абдоймах росных пяшчотай стуліла.
У цішы пракаветнай прызнайся, скажы:
Мяне назаўжды тут шчасьце спавіла!

"Кожны момант, кожнае імгненьне..."

Кожны момант, кожнае імгненьне –
Жыцьця каштоўнага дарунак Божы.
Шануй імклівы ўзьлёт, раптоўнае падзеньне,
Нават лёс калі ў сьпіну дыхае варожа.

"Пра што пісаць, калі ўсе думкі..."

Пра што пісаць, калі ўсе думкі –
Пра вецер зьменаў і вольнае паветра,
Калі навокал мітусьлівы шум,
А сонца так яскрава і зіхотка сьвеціць.

Пра што казаць, калі ўсе словы –
Свабодай дыхаюць, свабодай жывуць.
Іх не трымаюць кайданоў аковы,
Яны высока над мурамі змрочнымі лятуць.

Пра што марыць і задуменна мроіць,
Калі сэрца мае – каханай належыць.
Калі пабрацімаў магу вершам узброіць,
А вера ўздымаецца магутнаю вежай.

Дыяґеннае

Сталася так у сьвеце сучасным,
Што Сонца сьвеціць не для ўсіх.
Што мы камусьці – крыж на шчасьці,
Бо не жывем, як скрэпны мніх.

Мы дружна ў ланцугах ня ходзім,
Без страху ў вочы адкрыта глядзім.
Правадыру любому кажам – “Годзе!”
Не засьці Сонца – сьвятла мы хацім!

"Яны б хацелі пэўна забараніць і вецер..."

Яны б хацелі пэўна забараніць і вецер,
Сонца, дождж і вясны надыход.
Але для Бога – яны ўсяго толькі дзеці –
Жыцьцялюбны й непакорны народ.

Жыву табой

З малітваю шчыраю да Бога
Шукаў цябе ў бездані часоў.
Маленьне ў бязбмежнасьці прасторы
З мрояй табе прысьвячаў.
Памятае славы каралеўскае места
Песьню душы зычнаструнную,
Што па-над хвалямі ляцела бруістымі,
Сымфоніяй барока спавітая.
Зь сівых стражаў ваярскай ўзьнёсласьцю
І шляхетнай сармацкаю годнасьцю
З блаславеньня Каложы між стромых яроў
Адважна рушым у веліч нябёсаў.
Дзень гэты надыйшоў!
Я Пану ўдзячны бязьмежна!
Калі спазнаў цябе ўпершыню,
Адчуў тваю чароўную прысутнасьць.
Калі Сусьвету пабачыў прасторы,
Успалымленьне зорак і россып сузор’яў
У тваіх зіхоткіх дзівосных вачох.
Калі пачуў твой голас пяшчотны,
Прамяністы й сонечны сьмех,
Мая душа ўсквецілась табою,
Мэлёдыкай зайграла першажыцьця.
За цябе дзякую Пану бясконца!
За здатнае рухаць сьвяцілы каханьне,
Крыжом Сьвятым натхнёнае,
Асьвечанае Божаю ласкай.
У спрадвечным зьзяньні чыстага розуму,
У шчасьці ўзаемажыцьця
Табою жыву і для цябе
Ў сьвеце гэтым і ў вечнасьці!

Ты толькі чакай

Залатнее восень у прасторы родным,
Неба блакіт спавівае цябе.
У думках і марах, праз злыя нягоды
Бачу й прагну хараство твае!

Калісьці ў расчыненыя дзьверцы
Я прыйду да цябе, пэўна, чакай!
Вогненаю барваю сагрэеш мне сэрца,
Пакуль жа сувоем аксамітным грай!

"Трываньня час напаўняюць хвіліны..."

Трываньня час напаўняюць хвіліны,
Чародамі лятуць яны ў вырай усё хутчэй.
Да шчасьця ўз’яднаньня адлічваюць гадзіны,
Стаем адзін да аднаго на цэлыя гады бліжэй!

"На амшары балотным плыве ў смузе..."

На амшары балотным плыве ў смузе,
Кудлачыць яго, нішчымна ірве
Гальлём сухім, дарма натоленым у расе, –
Камель збуцьвелы, занураны ў верас.

Насуперак скарчанеламу драбналесьсю вакол
Парастак вясьняны вырынае з улоньня.
Лагодзіць, суцішвае старадрэвіны боль,
Наліваецца сонцам, брунее жадобна.

Узгадваючы прышласьць

Лячу ў Сонца промнях,
Працінаючы прастору і час.
Галоўнае – не забыцца, помніць,
Што яднае ўсіх нас.
Каб у краёх далёкіх
Празь бездань часоў
Не сустрэць двуногіх –
Сваіх зьдзічэлых братоў.

Яны імкнулі да зораў,
Хацелі Бога спазнаць.
Аднак крывавым морам
Паілі прагу панаваць.

Зямлі было ім мала
І не ставала рабоў.
Ажно кроў закіпала,
Бо хтось меў больш правоў.

Тлусьцеў, буйнеў Левіятан,
Пераплаўляючы народы.
Шчыраваў стагодзьдзямі стан
Ненажэрнай крывавай лагоды.
Калі ж уперся ён у скалы, захлынуўся ўласнай крывёй.
На бераг выкінулі хвалі
Парэшткі цэлаю гарой.

Людзьмі быць яны ня дбаюць,
Гамоняць урыўкамі фраз.
Пэўна ўжо не прыгадаюць,
Што яднала ўсіх нас.

Красуе Каліна

Воляй сталёвай брунеюць шыхты,
Аголеным нэрвам гартуецца дух.
Жыцьця вагонь ахвяруюць браты,
Разьбіваючы годнасьцю рабства ланцуг.

Позірк рашучы шаблі ўзмах
Швадрону залп ірве паветра
Кроў закіпае, нішчыць страх,
Зямля дрыжыць у глыбокіх нетрах.

Вораг імкнецца зграяй драпежнай
Абрынуць Айчыны астатні заслон.
Чырванее каліна ў віхуры сьнежным
Стаіць непахісна, нярушна швадрон.

З душы спрабуючы вырваць маленьне
Нішчымнаю зданьню крушнее лавіна.
Засьцілае цемра крыжоў зіхаценьне,
І падаюць у сьнег гронкі каліны.

У жыцьці й сьмерці шалёным карагодзе,
З вогнішча пакутаў, спавітага сьлязьмі,
Стыхіі дыханьне ўзносіцца ў народзе
І з аднаго зерня паўстаем усе мы.

Шляхетнай адвагай палымнее прастора
Вясна пакаленьняў узгарае жыцьцём.
Галасоў мільёны зьліваюцца хорам,
Рушаньне крочыць на гонар братом.

Лукішак пляц, гара Гэдыміна,
Веліч Росаў у спачыне тваім.
Красуе, шуміць і гамоніць Каліна –
Касінерская слава ў сэрцы маім!

"Не сілкуйся шчасьцем маім, лестрыгоне..."

Не сілкуйся шчасьцем маім, лестрыгоне,
Пачуцьцяў маіх ня пі амарант.
Я толькі часова ў тваім палоне,
Табе надарыцца зьмяніць правіянт.

Душы патоля

Здарожаны шляхам жыцьцёвых прыгод
Спыні каня свайго ды расцуглі,
Няхай гарэзуе ён лугам расяным,
Водарам лета бавіць сябе.
Жыхлівым полымем табе душу сугрэе –
Цяпельца, якім апрыкрасьць сваю разамглі.
Вазьмі акраец хлеба і сала скрылёк,
Асаладзіся бульбінай у прысаку сьпечанай.
Сваю тугу вадой гаючай спаталі.
І пад неабсяжным покрывам Чумацкага Шляху
Ля першатворнага вагню шчыруй!
Сустрэнь ранішні вецер і першыя промні,
Што сонеч неба ўзьбіраюць
І хараство зямлі пад ім.
Наўкола сябе пракаветную неруш адчуй!
Свайго каня пакліч і
Пошуму жытоў і шапаценьню мядовага саду
Ля хаты бацькоўскай – багавейна
Насустрач руш, жыві, красуй!

"Цішы празрыстай белы вэлюм..."

Цішы празрыстай белы вэлюм
Шапаціць летуценьню ў павевах вятроў.
Душы лагоду пяшчотна сьпеліць,
Ляціць над жытамі сьнягоў.

"Не схамянецца ўсё аніяк Пасэйдон..."

Не схамянецца ўсё аніяк Пасэйдон,
На Аґіґію ягоныя хвалі імчаць.
Такі ён мае непарушны закон –
Няма калі яму чакаць.

"Калі згаснуць астатнія зоры..."

Калі згаснуць астатнія зоры,
У сьвятле ейных вачэй буду жыць.
У каханьня бязьмежным прасторы,
Спавіты сымфоніяй роднай душы.

"Кліча да сябе Каліпса зноў..."

Кліча да сябе Каліпса зноў –
На выспу далёкую, на край зямлі.
Пад сьвіст Пасэйдону ўтомных вятроў,
Што крушні імчаць да берагоў няблізкіх.

Аніколі німфе не зразумець,
Што сэрца мае Воляй жыве.
Не дапаможа ёй і неспагадны вецер:
Карабль да Ітакі непахісна плыве!

У Каляды

Грэчка духмяніць, паруе
Завіхаецца халва ў ёй.
Арахіс звабна красуе –
Шчадрую каляднаю куцёй!

Стол усквочвае ялінка
З Бэтлеему агністаю зоркай.
Зіхаціць аздобай карцінка,
Маляваная нямецкім алоўкам.

Асьвечанай аплаткаю дзялюся,
Зьлепленай уласнаручна.
Да Пана Бога малюся,
Адчую містычную лучнасьць.

З душы крыляць зычэньні,
Бадзёраць ствяточны настрой.
Каб вытрываць усе цярпеньні,
Каб зазнаць сямейны спакой.

Збавенным, ачышчальным сьвятлом
Нараджаецца Ён у сэрцы маім.
Напаўняе бязьмежным дабром,
Жыцьцялюбствам пераможным сваім!

Ня бойся!

Калі ня маеш прагі жыць,
Знайдзі душы сваёй цяпельца.
Прымусь цяпло яго дарыць,
Запаліць агнём ахвярным сэрца.

Калі губляеш агмень веры,
Падзякуй Богу, што жывеш.
Што не бяздушнаю хімерай,
А чалавекам ёсьць, бязь меж.

Калі бяруць у аблогу страхі,
На вечнае жыцьцё – не забывай.
Няма там бабілёнскіх гмахаў.
Усё тленнае – не трапляе ў рай.

Калі адольваюць сумневы,
Якім ты шляхам маеш йсьці,
Дарогай Праўды, Ісьціны й Веры –
Прастуй, сьцьвярджайся й жыві!

Узгадваючы зоры

“Узгадваючы зоры

1
Уяўляю зораў зьзяньне
У начной вясковай цішыні,
Чумацкі Шлях раскашуе ў небе,
Узносіцца над садам мядовым – ты толькі зірні!
Сьветаў далёкіх россып зіхоткі
Пакінуты шчодрай Божай рукой.
Нібы Сівашу каштоўная соль
На чорнай, урадлівай, тлустай зямлі.

2
Нешта шапочуць, штосілы даводзяць,
Зацята спрачаюцца ў нерушы зоркі.
Выкшталцона красуюць у дыхтоўным убраньні,
Міжсобку гарэзуюць ажно да несьцямы.
Раптоўна зьнічка кульнулася долу,
Жыхнула яскравым агністым сяйвом
Зьніжэла і схавалася…у садзе,
Каб выбухнуць увесну белацьветным вагнём.

3
Пасьля працяглае тужлівае ростані
У неба ўнадзіўся Месячык.
Зырчыць усьмешлівым сваім сярпом,
Шляхетна плыве ў небакрай.

Уяўляю зацята, жыву, успамінаю
Шчырую ціхаю вясковаю ноччу.

"Хвалямі бурхлівымі пеніцца мора..."

Хвалямі бурхлівымі пеніцца мора,
Не схамянецца няўсьцерпны Пасэйдон.
Адвага ў моры бесьсмяротнасьць дорыць,
Лепш шторму дзень, чым ноч у штылі бясконцая.

Вясны чаканьне

1
Ясноцьцем зорак шчыруе дасьвецьце,
Сьцішэлым вятрыскам калыхае смугу.
У зыбку туманную хаваецца Месяц,
Прыжмураным вокам серабрыць мурагі.

2
Весяліць, сугравае гаваркое цяпельца,
Зырчыць пракаветнаю веліччу жыцьця.
Сьпеляцца шчодра, узносяцца мроі –
Я несуладна прагну быць з табою.

3
У прысаку пячэцца бульба,
Вада вячыстая, гаючая спаталяе тугу.
Акраец хлеба і сала скрылёк,
З ласкі Божай – у чаканьні пасілак.

4
Зь першымі агністымі промнямі,
Што небакрай успалымляць,
Я адчую, дачакаюсь, убачу цябе, –
Твае пераможнае вясновае зьзяньне!

"За вакном старатліва церусіць..."

За вакном старатліва церусіць
Пазачасны лютаўскі дождж
Шчыруе вясна Грамніцамі, мусіць –
Сьмяецца гарэзна, пераможна.

Красуе Каліна

Воляй сталёвай брунеюць шыхты,
Аголеным нэрвам гартуецца дух.
Жыцьця вагонь ахвяруюць браты,
Разьбіваючы годнасьцю рабства ланцуг.

Позірк рашучы шаблі ўзмах
Швадрону залп ірве паветра
Кроў закіпае, нішчыць страх,
Зямля дрыжыць у глыбокіх нетрах.

Вораг імкнецца зграяй драпежнай
Абрынуць Айчыны астатні заслон.
Чырванее каліна ў віхуры сьнежным
Стаіць непахісна, нярушна швадрон.

З душы спрабуючы вырваць маленьне
Нішчымнаю зданьню крушнее лавіна.
Засьцілае цемра крыжоў зіхаценьне,
І падаюць у сьнег гронкі каліны.

У жыцьці й сьмерці шалёным карагодзе,
З вогнішча пакутаў, спавітага сьлязьмі,
Стыхіі дыханьне ўзносіцца ў народзе
І з аднаго зерня паўстаем усе мы.

Шляхетнай адвагай палымнее прастора
Вясна пакаленьняў узгарае жыцьцём.
Галасоў мільёны зьліваюцца хорам,
Рушаньне крочыць на гонар братом.

Лукішак пляц, гара Гэдыміна,
Веліч Росаў у спачыне тваім.
Красуе, шуміць і гамоніць Каліна –
Касінерская слава ў сэрцы маім!

"Паветра воляй захмелела..."

Паветра воляй захмелела,
Такой п’янюткай і чаканаю.
Душа ўсьцешана запела,
Калі абняў сваю каханую.

"Выспа чужынская не заменіць Ітаку..."

Выспа чужынская не заменіць Ітаку,
Пасэйдон, не рупісься – усё дарма.
Крушні гані свае лепей да Вакха,
Адхалонь, кульні злобу ў вясёлы туман.

"Вясну маю - не спыніць, не спрабуй..."

Вясну маю – не спыніць, не спрабуй,
Марозу кайданы табе не дапамогуць.
Мяцеліцай увішнай скавытай ды злуй,
Весялуе Сонца над табою ясным вокам!

"Пайшла з жыцьця разумніца Кандзі..."

Пайшла з жыцьця разумніца Кандзі,
Ня зьведаўшы джунгляў вольны прастор.
Ейны давер спрычыніўся да зману:
Стаць чалавекам нельга ў каморы.

"Піліґрымкай прастаем у цянётах быцьця..."

Піліґрымкай прастаем у цянётах быцьця
Сярод бясконцых зор, пастаўшы зь нічога.
Дарогаю зь няволі да збавеннага жыцьця
Зь любоўю і вераю ў нас Госпада Бога.

"Насуперак завеям лядашчым і студзёным..."

Насуперак завеям лядашчым і студзёным,
Палону сьнежнага абдоймам млосным,
Гляджу ў лета – зацята, утрапёна:
Усе мітрэнгі зьнікнуць – як на Сонцы росы.

"У пальмовую нядзелю..."

Кружляюць чайцы ў небе самотным,
Шчымліва галосяць, непамысна крычаць.
Дыханьне мора ў паветры слотным,
Хмары крушнеюць, як хвалі імчаць.

У сэрцы ўзрушаным залатнее ранак,
Што над местам спрадвечным праліўся сяйвом.
Узмацняючы веру, сустракаю Пана,
Душу напаўняю ахвярным вагнём.

"Узыходзіць Сонца пажарам нябесным..."

Узыходзіць Сонца пажарам нябесным
Над поўнай сноў, засмужанай Зямлёй.
Імкне душою ўзьляцець вясёлай песьняй
Над роднаю старонкай – вячыстай і сьвятой.

Абіраючы вясну

У жыцьця калабегу імгненьне кожнае
Ці з Сонцам ляцець асьвятляючы дзень,
Ці з хмарай панурай выціскаючы дождж,
Ці праз страх, баязьлівасьць, плітуючы ў цень.

Ці ісьці супраць плыні, бяз рэшты згараць,
Не прымаючы пыху, пакору, ману.
Аднаўляцца з вагню, стралой узьлятаць,
Свабодна жыць, абіраючы сэрцам вясну.

"Хачу верыць у лепшае заўтра..."

Хачу верыць у лепшае заўтра
Насуперак Пасэйдону хвалям, вятрам.
Захоўваючы ў сэрцы сьвятую праўду
І каханьня ўсясьвет – Сонечны храм!

Водар дажджу

Чую раптоўны водар дажджу,
Зацярушваюць успаміны сьвядомасьць.
Памятаю, як ходнікамі, брукаванкаю
Блукаеш ты разважліва, дыхтоўна
Вулкамі старымі гораду майго,
Туляешся ласкава да камяніцаў.
Пра нешта зь Нёманам нетаропка гамоніш,
Буйнымі кроплямі цьвеліш яго.
Замілавана шапоціш дахоўкай бажніцаў,
Зыходзіш долу пакрыжанай вадой.
Летуценна гарэзуеш у Швайцарскай даліне,
Жартоўна над маладым вясельлем цярусіш.
Важліва й шчасна, з шляхетнай любоўю
Старатліва раскашуеш ля Ажэшковай.
Між дуэлянтамі-замкамі стаіш сэкундантам,
Акрапляеш Князя Вялікага на сьведка свайго.
Калі ж зьняможаны ўсквецішся сонцам
Незьлічонымі дыямантамі выбухаеш вакол.
Памятаю, як лагодзіш ты душу,
Чую раптоўны водар я твой.

Прага хараства

1
Травы скошанай пах адчуваю,
Набрынялай расою, сьпеленай сонцам.
У думках сваіх з муроў вырынаю,
Прагну хараством наталяцца бясконца.

2
Бачыць лясоў пракаветную неруш,
Да забыцьця занурацца ў пошум жытоў.
Зноў у папараць-кветку паверыць,
Каштаваць бацькоўскага саду дароў.

3
Сустракаць зь першымі промнямі ранак,
У вазёрнай распускацца сінечы.
Насалоджвацца ў вачох каханай –
Зьзяньнем Шляху Чумацкага вечным.

Мару пра цябе (Чакаю на цябе)

Бачу аблічча твае ў аблоках,
Што ў небе кратаваным імчаць.
Узьлятаю ў яго шпаркім сокалам
Прагну крыламі цябе сваімі абняць.

Адчуваю ў зіхоткім Сонца прамені
Тваю пяшчотную, ласкавую лагоду.
У руплівым, ахвярным маленьні
Дару душы тваёй нябесныя кляйноды.

У дожджыка вясновым шапаценьні
Чую, як сьмех твой грае мэлёдыяй жыцьця.
У мілагучным ягоным цурчэньні
Адшукаць можна ўсе таямніцы быцьця.

Далятае да мяне ветрыкам летнім
Твой голас – пазазямны, дзівосны.
Быў народжаны я ў гэтым Сусьвеце,
Каб любіць яго, чакаць, узносіць.

Насуперак нягодам – я шчасьлівы
Ты найкаштоўны скарб у Ягоных дарах.
Мы разам з табою заўжды, мая мілая,
А шчэ мы жывем з табою ў снах.

"Пэрліна яскравая двух кантынэнтаў..."

Пэрліна яскравая двух кантынэнтаў,
У велічы спрадвечнай ты дорыш надзею.
Ня трэба сьлёз пракудных, сантымэнтаў,
З халоднай ятрасьцю і верай – я ўсё зразумею.

"Так карціць паноўна цябе трымаць за руку..."

Так карціць паноўна цябе трымаць за руку,
І пад ськляпеньнямі высокімі ў велічы вякоў
Адчуць душы палёт і сэрцаў такт ва ўнісоне гукаў,
І быць мэлёдыяй адзінаю, гучаць і зноў і зноў!

"Леў паўсталы ўзыходзіць рашуча..."

Леў паўсталы ўзыходзіць рашуча,
У сталёвым позірку воля мільёнаў.
Заратуштра, Мухамад тыранаў ня вучаць:
Хто выжыў у Шоа, зрабіў кулакамі далоні.

Gloria Patria

Шляхетна плывеш пад блакітам нябёсаў
З паўзмрочча стагодзьдзяў, зь сьвітаньня жыцьця,
Дыхаеш старымі вулкамі, мурамі, камяніцамі
Моцай фартэцыяў і лязґатам сечы,
Імклівай пагоняй і воклічам продкаў “Рубон!”.
Палымнееш вагнём крыжоў
Сьпічастых бажніцаў,
Яскравым золатам жытоў,
Што сьпеляцца Сонцам.
Красуеш аборамі баравіньня густога,
Купчастым вецьцем гаёў,
Сінечай вазёраў, што неба люструюць,
Хараством спрадвечным рачных берагоў.
Шчыруеш чарніцамі, малінамі,
Суніцамі, ажынамі і россыпам грыбоў.
Духмяніш першацьветам мядовага саду,
Маладым мурожным сенам.
Сьпяваеш званіцамі, гаманкім кірмашом,
Птушыным граем і клёкатам буслоў.
Жывеш руплівасьцю, спагадаю сьвятой
І Божым талентам сыноў, дачок сваіх,
Сямейнай злагадай, сяброўскай талакой.
Ты танчыш радасна ў заручынах,
Вясельлях і радзінах,
У сьвятах гаваркіх, хрэсьбінах.
Смуткуеш у хаўтурах і паразах,
У пошасьцях чужынскіх
І марных спробах зьнявечыць тваю душу.
Цябе залівалі бурхлівыя хвалі,
Імкнулі сьцяной нішчымнай уцягнуць у нябыт.
Ты плыла нацянькі праз магутныя крушні Патопу,
Бязбожжа чырвонай чумы й сьмяротнае пыхі.
І кожнага разу – паўставала наноў!
Як сівая матуля на ґанку
Ты позіркам глядзіш замілаваным, адвертым.
Гушкаеш няўрымсьлівых дзяцей сваіх.
Гайдаеш катаў і ахвяраў.
Празь неспагодную пару ты пройдзеш,
Праз халодны, непамысны дождж, слату,
Празь нізкія мурзатыя аблокі
І вецер паўночны й смугу.
Бо ў сэрцы тваім, а роўна – у маім –
Жыхлівае полымя надзеяй і верай ярчыць.
Яно дае нам моцы, прагі і імпэту
Жыцьцё свае парадкаваць і ладзіць.
Плывем мы з табою пад блакітам нябёсаў
І сьцягам Хрыста
І покліч з намі ўдаўнёны:
Бог нам радзіць!

"Якім ты будзеш, волі першы подых?"

Якім ты будзеш, волі першы подых?
Калі ўсё навокал загарэзуе, затаньчыць,
Старонка родная хмяльным сустрэне водарам,
І завіруем у абдымках – я з сваёй каханаю.

-615-

Страшэнны лязґат, сечы гром,
Ламачча дзідаў, людзі, коні,
Удар мячоў, сякераў
Наструнены двубою шал.
Зямля дрыжыць,
Трымціць у калатнечы.
Спавіты крэпам жалобным
Агромністы вялізны гмах,
Што счэсвае вежамі сваімі неба, –
Руйнуецца, хістаецца, крычыць.
Вялікай адвагай і воляй народаў
Вогнекрылае рушаньне Сонцам зазьзяла,
Браты павярнулі зухваламу маґістру
Ягоныя крыжацкія мячы.
Рыцарскі гонар, шляхецкая годнасьць,
Веліч продкаў ля Грунвальда і Танэнбэрґа
Натхняюць, сілкуюць празь вякі,
Гараць у сэрцах
Палымяным вагнём пакаленьняў.

Вецер

Гартае вецер старонкі гісторыі
Павевам рахманым, трапяткім.
Пяшчотнаю далоняю кранаецца,
Лагодзіць пошумам шарготкім, гаваркім.

Шамаціць вясёлай, гарэзнаю песьняю,
Лашчыць бачыны сваёй цеплынёй.
Гайдае чутліва, раздумна ў зыбцы
Сваёю нябачнай нябеснай рукой.

Наляціць раптоўнаю крутняю,
Сьцюдзёнай ятрасьцю пакажа клыкі.
Старонкі завіхураць ліставеем –
На імгненьні пераўтвараючы вякі.

Застаецца Слова, Дарога Жыцьця,
Загараюцца паноўна зоры,
Нараджаючы сьвятло новага дня,
А вецер гартае старонкі гісторыі.

"Бялее вялізная разлога поля..."

Бялее вялізная разлога поля,
Зь ветрам прыдарожным прысьпяшаю хаду.
Душа прагне абшару адкрытага, волі –
Асьмяглай будзе піць – гаючую ваду.

Горад радзінны

Душа выбухне полымем шчасьця,
Калі крануся тваіх замкавых муроў,
Калі прывітаеш дажджом каралеўскіх вулак,
Зайграеш мілагуччам бажніцавых званоў.

Калі ўвайду ў хуткаплынныя хвалі,
Што тваю веліч люструюць безьліч гадоў.
Калі сустрэнеш абдоймамі пагоркаў,
Зацішным нерушам сваіх берагоў,
І позіркам чароўным з пракаветнага амвону,
Даруючы правіны і дорачы любоў.

***
Зчэсваюць неба магутныя горы,
Імчыць свае воды зухаваты Юкон.
Поўнач прызнае толькі пакору,
Нізкі, дарма што з ардырскім апломбам, – паклон.

"Фартэцыю веры мацую ўпарта..."

Фартэцыю веры мацую ўпарта,
Будую муры, дадатковыя вежы.
Да сэрца свайго – падвойную варту
І духаў-уланаў бадзёрых – на межы!

Душы прагненьні

Хоча напоўніць сябе бясконцай далечай
Сонцам сьпеленага мора жытоў,
Зорнага неба зьзяньнем вечным,
Сьцяжынак адоленых і шляхоў.

Загучэць карціць песьняю жваваю
Маладой жыцьцядайнай Вясны
Зямлі продкаў спрадвечнаю, слаўнаю.
Пра куточак вазёрны й лясны.

Жадае спатоліць сябе водарам
П’янюткай, дрымотнай чаромхі,
Лугавіньня ў росах пахам лагодным
Ля бацькоўскага роднага дому.

Усьцешыцца радасьцю прагне
Размовы сяброўскай, шчыраваньня братоў,
Добрых сэрцаў, мірнага стану
І танцам з каханай у цьвеце садоў.

Крышталь волі

Скрылёк неба ў абдоймах бэтонных
Так блізка й неймаверна далёка.
Душа глядзіць у кратаванае прадоньне –
Крышталь блакіту, волі – для яе палёгка.

Цэлы Сусьвет схаваны ў ім
Зь бязьмежжам прасторы, неспатоляй часоў.
Сэрца грэе, што ён над Радзімай,
Яго не закуеш у мэтал кайданоў.

Заярчэла сонцам раптоўна павута,
Што неба агарнула завеяй.
Скрылёк залатнее, грае пракудна,
Чаканьне ўзрушвае, сьпеліць надзею.

Восень

Ліставеем палымяным кружляе,
Залатым пажарам гарыць.
У палянэзе шляхцянкай паважнай
Змушае кожнае імгненьне жыць.

Лагодзіць цішынёю спагаднай,
Замілаваньнем хмелячы сэрцы,
Тым, хто нарадзіўся, хто прагне быць,
І ў душы каго гарыць цяпельца.

"Чакаю зь любасьцю, чакаю зь няўсьцерпам..."

Чакаю зь любасьцю, чакаю зь няўсьцерпам,
З адвертым позіркам, палымянаю верай.
Загартаваным духам, аголеным нэрвам,
З чыстым, сьвятым і выразным намерам.

Чакаю ахвярна, чакаю штосілы
Разнясьцежаным сэрцам, нязгуслай душою,
Як вецер напоўніць сакаліныя крылы
Палётам імклівым, жыцьця вышынёю.

"Яны паверылі, што кантралююць часу плынь..."

Яны паверылі, што кантралююць часу плынь,
Што перад імі нібы ўкленчылі богі.
Аэрадром саламяны будуюць бяз спыну:
Мо прыляціць жалезны птах з аблокаў.

"Апануранае, стуленае неба ляжыць..."

Апануранае, стуленае неба ляжыць
У пазасьвецьці суценка слатнога,
Але ў душы ясноцьцем Сонца гарыць,
Пануе лета з перамогай усяго жывога.

"Ляціш, Пасэйдоне, стрымгалоў напярэймы..."

Ляціш, Пасэйдоне, стрымгалоў напярэймы,
Бурхлівымі хвалямі ўчапіў карабель.
Паноўна нясеш яго да слупоў Гэркулеса,
Прагнеш пакінуць без жаднай надзеі.
Ведай, я роднага краю не зчужаюсь ніколі,
Ня дам сабе змаркатнець.
Сэрца мае належыць каханай
І я свабодны ў тваёй хіжай няволі.

Жыць

Электрызуе думкі навальніцы подых,
Душа поўніцца энэрґіяй буры.
Чакаю на дажджоў абдоймы родных,
На танец зь небам у магутным віхуры.

На першыя раптоўныя промні Сонца,
Што аздобяць крывіцкае покрыва,
Да якіх я імкнуся бясконца,
Якія запаліў сам Госпад Бог.

Узношуся ў вышыню, да зорнага ўлоньня,
Натхнёна хараством зямным жагнаюся.
Безьліч сьветаў вакол, што стварыў Ён,
Магу стаць часткаю раю, але не, вяртаюся.

Зьнічам лячу, дарэшты згараю,
Каб адрадзіцца і ў сэрцы насіць –
Вагонь, зь якім я паноўна цябе адшукаю,
Тую, дзеля якой варта нараджацца і жыць.

У мове і ў вершах, у светлых людзях, што ў цёмных месцах, – Беларусь Жыве.

This is an empty menu. Please make sure your menu has items.
This is an empty menu. Please make sure your menu has items.

Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 года. Ён жыў у Гродне і працаваў журналістам-рэдактарам. Вядомы сваім раследаванням пра ўплыў "русского мира" на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.

У 2021 годзе Дзяніса затрымалі, а пасля па абвінавачваннях у “незаконным зборы і распаўсюдзе звестак аб прыватным жыцці” і “здрадзе дзяржаве” асудзілі да 13 гадоў і 1 месяца зняволення.

АКТУАЛЬНЫ АДРАС ДЗЯНІСА МОЖНА ЗНАЙСЬЦІ НА ЯГО АСАБІСТАЙ СТАРОНЦЫ НА САЙЦЕ ПЦ "ВЯСНА". АДТУЛЬ ЖА ПРАЗ АДПАВЕДНУЮ СПАСЫЛКУ МОЖНА ДАСЛАЦЬ ПАЛІТЗЬНЯВОЛЕНАМУ ПАШТОЎКУ.

"Наган бязьлітасна ўзьняты..."

Наган бязьлітасна ўзьняты,

Раптоўны спалах, стрэлу гук.

Твае сыны прырэчаны да страты,

Ляжаць у зямлі, нібы каменьняў брук.

На пакаяньня чын яны чакаюць

Нашчадкаў ідэйных тых, хто страляў.

Твае сыны без супакою спачываюць,

Бо іх у тую ноч ніхто не адпяваў.

У безназоўных іх магілах

Сьпяць ненароджаныя пакаленьні,

Паэзіі няісны скарб на белых крылах.

Душы народнае спадзевы і маленьні.

Жыцьцё задзьмуўшы яркі зьніч,

Ня здолела згасіць чырвоная навала

Вашай душы ахвярны кліч,

Што ў сэрцы полымем гарыць трывала!

(канец 2022)

Летуценьне

Пабыць у цішы сам насам з вамі
Пад шатамі дрэваў пад гоман пчалы,
Мядовага саду наталіцца дарамі
Хаця б на імгненьне палёту стралы.

П’янюткі водар адчуць першацьвету
І клёкат буслоў удалечыні.
Даруйце мне гэтую простую мэту
І гушканьне мрояў у вышыні.

Нараджаюся

У бязьмежнай прасторы й вечнасьці часу
Нараджаюся там, дзе Котра бруіць.
Дзе Гедыміна бурштын прахалоднага квасу
Наталяе смагу й прымушае жыць!

Дзе Лагодная Рыча пошумам хваляў
Распускае ў гарлачыках цэлы Сусьвет.
Дзе грыбы-лясуны шчыруюць на балях
а лебедзі-грацыі таньчаць балет.

Нараджаюся там, дзе Нёман віруе
І ў водах бурхлівых амывае вякі.
На зямлі сьвятой, дзе Бог нам даруе
Дае бласлаўленьне зь нябеснай рукі

Жыць вечна

Адолеў Ён сьмерць Уваскрасеньнем,
Дзьве тысячы год абнаўляючы сьвет.
Даруючы ўсім нам радасьць збавеньня,
Дарогі Крыжовай сьвяты Запавет.

Перамогі шчырая радасьць пануе,
Сьвятла й дабра над цемрай і злом,
Тварэньня акт нашу веру мацуе,
Запальвае душы нябесным сяйвом.

Хрыстос уваскрос і Беларусь уваскрэсьне
Пад сьцягам Ягоным сьвятым і спрадвечным
Мы славім Яго вагнём нашых песьняў
Жывы Ён – і мы будзем жыць вечна!

"Спадаюць шаты тугі й адчаю..."

Спадаюць шаты тугі й адчаю,
Калі ў кратах аксамітнага неба
Пяшчотным сьвятлом забытага раю
Шчыруе вячыстая зорка Венэра

"Віток чарговы вакол Сонца..."

Віток чарговы вакол Сонца,
У бездані ляцім мы крыжаной.
Палёт трывае наш бясконца,
За кожнай сочым навіной.

"Жыцьцё твае - толькі імгненьне..."

Жыцьцё твае – толькі імгненьне,
Як росная кропля  што люструе Сусьвет.
Заяскравяць першыя Сонца праменьні –
Зьнікне яе нават водбліску сьлед.

Спынісь таму, пыхлівы чалавеча,
Адкінь ману, сон розуму й хцівасьць,
Драпежніка шал і раўкладу пустэчу,
Гавань і скрэпы і прагу нажывы.

Жыві, кахай, будзь кропляй збавеннай,
Госпада нашага шануй Запавет.
Бо заяскравяць першыя Сонца праменьні –
Зьнікне яе нават водбліску сьлед.

(напісаў 16.03’24)

"Птушкаю вольнай узьляцець у нябёсы..."

Птушкаю вольнай узьляцець у нябёсы,
Ветру й сонцу раскінуць крыло.
У сад спавіты досьвіткам росным,
Вярнуцца, застацца, укленчыць бацьком

"Бруіць жыцьцём паветра аднаўленьня..."

Бруіць жыцьцём паветра аднаўленьня
Гаючым водарам брыняе вольны дух
Суквецьцем радасьці, любові і натхненьня,
Даўно ўжо пара здымаць зімы кажух!

"Вадою дняпроўскую ласкава спатолены..."

Вадою дняпроўскую ласкава спатолены,
Праношуся сокалам над драпежнай навалаю.
Крылом расьсякую хмары зьняволеньня
Атожылкаў змроку зграі зухвалае.

Праз пякельны, бурхлівы куродым Патопу
Касінерскай вечнай адвагай узьнесены.
Вольным ветрам хэрсонскага стэпу
Я лячу да цябе зь пераможнаю песьняй!

З Волі Гасподняй сустрэнуцца сэрцы
Звышновай выбухне цуд уз’яднаньня.
Мы ўвойдзем з табою ў нябесныя дзьверцы
Да вечнага шчасьця ў нашым Каханьні!

Я йду да цябе

Успалымлёны веліччу славы Яго
З пракаветнага сну, з прадоньня часоў,
Між цемрай і безданьню, з духу Пагоні
З далягляду падзей, дзе гартуецца кроў.

Праз прастору й час і бясконцасьць Сусьвету,
Праз водбліск Слова ў люстры нябёс,
Паміраў, аднаўляўся, шукаючы дзе ты,
У дыханьні зораў нараджаўся наш лёс.

Праз крыгу й вагонь я йшоў да цябе,
З воляй рашучай, сьцятай у сталь.
Па сьмерці лязу з жартоўных усьмехам
Выцяў з душы шкадаваньне й жаль.

З баявой, бугуртнай прагай дзіўнай
Я йшоў да цябе, не зважаў на пакуты,
Празь Сінія Воды, Ґрунвальд, Крапіўну,
Праз Канатоп, Вільню, Слуцак і Круты.

Я йду да цябе свабодны душою –
Кайданы рабства не трымаюць мяне.
Паўстаю над жалобай, смуткам, тугою,
Сантымэнтаў раскоша згасла ў вайне

"З простакутніка суму гляджу ў нябёсы..."

З простакутніка суму гляджу ў нябёсы,
Спадзевам, надзеяй сэрца гарыць.
Зьнікаюць у полымі здранцьвеньня пакосы,
Прагу свабоду нельга скарыць!

Як немажліва нарадзіцца зноў,
Спыніць раптоўна часу бег.
Вярнуць назад нішчымнасьць слоў
У паветры горным запаволіць рэха.

Бо толькі зь ёю здабудзеш спакой,
Бо толькі зь ёю душа баліць.
Чалавек безь яе – мёртвы душой.
Прагу да волі няможна скарыць!

"Узносяцца душы з прывіднага сьвету..."

Узносяцца душы з прывіднага сьвету,
Свой вагонь палымяны яны зьбераглі.
Празь непакору трывала імчэлі да мэты.
Сьвятлом запаліць нашчадкаў змаглі.

На забыцьцё й здраньцьвеньне навечна засуджаны,
На волю, спавітую страхам, пакорай,
Вяртаюцца з выраю ў край свой абуджаны
Чароды нязломных, узьнесеных зорамі.

"Дратуюць тынк упарта рукі..."

Дратуюць тынк упарта рукі,
Бель выцінаючы з зацьвілых муроў.
Пад шкельцам сьцятым нараджаюцца знакі,
Зь якіх паўстае Крыж Веры сьвятой.

Вечар Вігіліі яго асьвяціў
У прыцемку змрочным цэлі пакутнай.
Мейсца цярпеньня Крыж усьвятліў,
На кельлю пакаяньняў скрутных.

У малітоўным калядным узьнясеньні
Я Госпада слаўлю Хрыста.
Душы маёй найшчырыя маленьні
Пад усьвячэньнем ахвярнага Крыжа.

Спазіраючы на яго безупынна,
На касьцечках чытаю вяровіцу.
Паўстае, зіхаціць вокамгненна
Вобраз Госпада нашага Збаўцы.

Калядных містэрыяў сапраўдную веліч
Ты дорыш у кельлі манаскай маёй
Ты адчуеш клапатліва прагны мой покліч,
Ґартуеш мяне ў любові Тваёй.

Ніколі зноў!

1
Ніколі зноў ня мае маці
Назаўжды разьвітвацца з сынам.
Дажджом журботным яго спавіваць,
Маўклівым крыкам, тугой успамінаў.

2
Ніколі зноў ня мае Каін
Стаяць у промнях велічы й пашаны.
Глядзець на сьвет без пакаяньня,
Блюзьнерыць цяжарам адкрытых ранаў.

3
Ніколі зноў пад сьцягам Бога
Ня мае пралівацца кроў,
Бо кожная “сьвятая” перамога
Сьмярдзіць пачварнасьцю грахоў.

4
Ніколі зноў ня мае вораг
У неба блакіце і пад сонцам жытоў
Наталяцца куродымам пажараў і як молах
Нішчыць жыцьці сваіх небратоў.
Ніколі зноў, ніколі зноў!”

Барацьба за вызваленьне краіны трывае!
ВЕРЫМ! МОЖАМ! ПЕРАМОЖАМ!

"Заварваю кубак зялёнай гарбаты..."

Заварваю кубак зялёнай гарбаты,
Чытаю зь няўсьцерпам лісты.
У таймлапсе імкліва зьмяняюцца даты,
Мінаюць смугою ў чаканьні гады.

У кратаваныя гляджу аблокі,
Збавённа гартаю кнігу надзей.
І крокі, жыцьцялюбныя, вольныя крокі –
Распальваюць мары цяпельца ярчэй.

"Як файна глядзець і ў неба разкрэсьлены блакіт..."

Як файна глядзець і ў неба разкрэсьлены блакіт,
Цешыцца, як у вочы трапляе Сонца вагонь залаты.
Як промні крыштальныя лашчаць аблічча нібы аксаміт,
Як віруе жыцьцё ў цябе, сьведчыць: ” ты ж – малады!”

На тле аблокаў бачыць чайцаў імклівы палёт,
Адчуць душою, што ў бязьмежным Сусьвеце плывеш.
Растапіць зьнявераньня, адчаю і сумненьня лёд.
І Богу дзякаваць ахвярна за то, што жывеш.

"Stars and stripes у сонечным зьзяньні..."

Stars and stripes у сонечным зьзяньні
Узьнёсла глядзяць на зямную калыску.
Сыноў чалавечых адважнае пасланьне –
Розумам ясных і сэрцам чыстых.

Яснавокая, мудрая ўладака Сялены
З адзінародным уз’ядналася братам,
І нашага Дня сьвятыя імгненьні
Праз 50 віткоў ушчасьціла, завітаўшы на Сьвята.

Наш пацалунак срэбрам асьвечаны
Вечна цнатлівай Латоны дачкі.
Адзін аднаму – нашыя сэрцы прысьвечаны,
У кнізе жыцьця супольныя пішуць радкі.

Артэміда, слаўная, дзіўная госьця,
Я сьведчу табе сваім жыцьцём і лёсам
З шляхетнай і душэўнай весялосьцю
Шчыра кажу поўні тваёй у нябёсах:

Сэнс жыцьця каханая мая мне падарыла,
Безь яе маленькім крокам рушыў па Зямлі.
Нашае ўзаемажыцьцё мяне ўспалымніла,
Вялікім цудам зьзяе для нашае сям’і!

"Не спыняцца, не наракаць - але рушыць наперад..."

Не спыняцца, не наракаць – але рушыць наперад,
Не зьнявервацца, не галасіць – але натхненьнем жыць,
Не сумнявацца, не адступаць –  але на стромкі ўзьбірацца бераг,
Не дагаджаць, не задкаваць – але свабодным быць.

"Я дзякую табе, Матуля..."

А зараз – абяцаны мною падарунак табе:
Я дзякую табе, Матуля,
За радасьць жыцьця. што мне падарыла
За лагоды, пяшчоты ласкавы прытулак,
За ўсе сьлязінкі, што празь мяне праліла.

За ўсе твае бяссонныя ночы,
Чаканьня нясьцерпнага цяжар
За твае поўнае пяшчоты зіхоткія вочы,
За сям’і сапраўднае шчасьце нашай.

Мая любая, я дзякую табе
За твой клопат, апеку, турботу.
За заступніцтва ад усялякіх бедаў,
За падрыхтоўку да ўзьнёслага палёту.

За дасягненьні ўсе й здабыткі,
За вышыні, якія ўзяў я крылом.
За неспатоленую прагу кахаць і жыць,
За родную старонку і бацькоўскі дом.

Я долу нізка кланяюся,
Матулечка, перад табою.
Прашу Госпада нашага Пана,
Каб Ласкаю ахінаў цябе Сваёю.

Абараняў, ахоўваў, зьберагаў,
Каб адарыў бадзёрасьцю духа, жыцьцёвым імпэтам.
Каб як мага хутчэй нас усіх уз’яднаў
І падарыў табе ўнукаў – нашых сонечных дзетак!

"Адчую індзейкі смак цудоўны..."

Адчую індзейкі смак цудоўны,
Чую ўвушшу – скурка хрумсьціць.
Яна паруе духмяна й чароўна –
Так скрылік ад яе адрэзаць карціць!

Шчодра макнуць у ткемалі ці таматны совус,
Запечанаю ў духоўцы бульбаю закусіць.
Капусткай квашанай – сакавітай і новай,
З журавінкамі агністымі прагу сваю спаталіць.

Заліць кампотам-міксам ад бабулі роднай,
Які з парэчак, аґрэсту, малінаў.
З шарлоткай сонечнай, шляхетнай і пяшчотнай
Нашыя найлепшыя ўзгадаць часіны.

Бірэма цярпеньняў

Мора бурхлівае ўзносіцца пенаю,
Волаты-хвалі гарой паўстаюць.
Пераменаў вятры скаланаюць усё тленнае,
Нікому літасьці не надаюць.

Бірэма самотная ў бездані пашчы
Спрабуе вырвацца, ратунак знайсьці.
Яна зьневажала на цярпеньні, пакуты нашыя,
Да берага ёй ужо – не дайсьці.

Бура віруе ў шале сваім,
Зьліваюцца хмары з воднаю крушняю.
Сырэны ўладару сьпяваюць гімн,
У абдымках сьмяротных люляюць і гушкаюць.

Над сьцішаным морам – сонца агмень
Красуе сьвітанкам новае раніцы.
Знаходзіць бірэму на дне ягоны прамень,
Зіхаціць вакол яе ў пераможным танцы.

"Давайце ўявім мы наўпрост..."

Давайце ўявім мы наўпрост,
Што скончылася нашае расстаньне.
Уздымем келіхі пад тост
За хуткае шчасьлівае вяртаньне.

Паразмаўляем, паспрачаемся, пасварымся і памаўчым.
У любові сямейнай шчыра пакаемся,
Гарэзна й салодка душою закрычым!

"Узьнёслы з краінай пад нябеснаю зоркай..."

Узьнёслы з краінай пад нябеснаю зоркай
Даўніны-маярату нясеш запавет.
Мядзьвежага роду праз час і прастору
Пуцявіны мацуеш старанна ў сьвет!

Патрапіў адважна на рынг калабегу
Воляй сталёвай стаіш да канца.
Крокам рашучым прастуеш дарогай,
Фільмуеш нязломна стужку быцьця.

Човен-сьцяжыну шматлікіх гадоў
Наталіў Палесься чароўнага водар,
Натхніў пошум катранскіх лясоў,
Хуткаплыннага Нёману сустрэла лагода.

Астрынская неруш – замілаваньне душы –
У абдоймах росных пяшчотай стуліла.
У цішы пракаветнай прызнайся, скажы:
Мяне назаўжды тут шчасьце спавіла!

"Кожны момант, кожнае імгненьне..."

Кожны момант, кожнае імгненьне –
Жыцьця каштоўнага дарунак Божы.
Шануй імклівы ўзьлёт, раптоўнае падзеньне,
Нават лёс калі ў сьпіну дыхае варожа.

"Пра што пісаць, калі ўсе думкі..."

Пра што пісаць, калі ўсе думкі –
Пра вецер зьменаў і вольнае паветра,
Калі навокал мітусьлівы шум,
А сонца так яскрава і зіхотка сьвеціць.

Пра што казаць, калі ўсе словы –
Свабодай дыхаюць, свабодай жывуць.
Іх не трымаюць кайданоў аковы,
Яны высока над мурамі змрочнымі лятуць.

Пра што марыць і задуменна мроіць,
Калі сэрца мае – каханай належыць.
Калі пабрацімаў магу вершам узброіць,
А вера ўздымаецца магутнаю вежай.

Дыяґеннае

Сталася так у сьвеце сучасным,
Што Сонца сьвеціць не для ўсіх.
Што мы камусьці – крыж на шчасьці,
Бо не жывем, як скрэпны мніх.

Мы дружна ў ланцугах ня ходзім,
Без страху ў вочы адкрыта глядзім.
Правадыру любому кажам – “Годзе!”
Не засьці Сонца – сьвятла мы хацім!

"Яны б хацелі пэўна забараніць і вецер..."

Яны б хацелі пэўна забараніць і вецер,
Сонца, дождж і вясны надыход.
Але для Бога – яны ўсяго толькі дзеці –
Жыцьцялюбны й непакорны народ.

Жыву табой

З малітваю шчыраю да Бога
Шукаў цябе ў бездані часоў.
Маленьне ў бязбмежнасьці прасторы
З мрояй табе прысьвячаў.
Памятае славы каралеўскае места
Песьню душы зычнаструнную,
Што па-над хвалямі ляцела бруістымі,
Сымфоніяй барока спавітая.
Зь сівых стражаў ваярскай ўзьнёсласьцю
І шляхетнай сармацкаю годнасьцю
З блаславеньня Каложы між стромых яроў
Адважна рушым у веліч нябёсаў.
Дзень гэты надыйшоў!
Я Пану ўдзячны бязьмежна!
Калі спазнаў цябе ўпершыню,
Адчуў тваю чароўную прысутнасьць.
Калі Сусьвету пабачыў прасторы,
Успалымленьне зорак і россып сузор’яў
У тваіх зіхоткіх дзівосных вачох.
Калі пачуў твой голас пяшчотны,
Прамяністы й сонечны сьмех,
Мая душа ўсквецілась табою,
Мэлёдыкай зайграла першажыцьця.
За цябе дзякую Пану бясконца!
За здатнае рухаць сьвяцілы каханьне,
Крыжом Сьвятым натхнёнае,
Асьвечанае Божаю ласкай.
У спрадвечным зьзяньні чыстага розуму,
У шчасьці ўзаемажыцьця
Табою жыву і для цябе
Ў сьвеце гэтым і ў вечнасьці!

Ты толькі чакай

Залатнее восень у прасторы родным,
Неба блакіт спавівае цябе.
У думках і марах, праз злыя нягоды
Бачу й прагну хараство твае!

Калісьці ў расчыненыя дзьверцы
Я прыйду да цябе, пэўна, чакай!
Вогненаю барваю сагрэеш мне сэрца,
Пакуль жа сувоем аксамітным грай!

"Трываньня час напаўняюць хвіліны..."

Трываньня час напаўняюць хвіліны,
Чародамі лятуць яны ў вырай усё хутчэй.
Да шчасьця ўз’яднаньня адлічваюць гадзіны,
Стаем адзін да аднаго на цэлыя гады бліжэй!

"На амшары балотным плыве ў смузе..."

На амшары балотным плыве ў смузе,
Кудлачыць яго, нішчымна ірве
Гальлём сухім, дарма натоленым у расе, –
Камель збуцьвелы, занураны ў верас.

Насуперак скарчанеламу драбналесьсю вакол
Парастак вясьняны вырынае з улоньня.
Лагодзіць, суцішвае старадрэвіны боль,
Наліваецца сонцам, брунее жадобна.

Узгадваючы прышласьць

Лячу ў Сонца промнях,
Працінаючы прастору і час.
Галоўнае – не забыцца, помніць,
Што яднае ўсіх нас.
Каб у краёх далёкіх
Празь бездань часоў
Не сустрэць двуногіх –
Сваіх зьдзічэлых братоў.

Яны імкнулі да зораў,
Хацелі Бога спазнаць.
Аднак крывавым морам
Паілі прагу панаваць.

Зямлі было ім мала
І не ставала рабоў.
Ажно кроў закіпала,
Бо хтось меў больш правоў.

Тлусьцеў, буйнеў Левіятан,
Пераплаўляючы народы.
Шчыраваў стагодзьдзямі стан
Ненажэрнай крывавай лагоды.
Калі ж уперся ён у скалы, захлынуўся ўласнай крывёй.
На бераг выкінулі хвалі
Парэшткі цэлаю гарой.

Людзьмі быць яны ня дбаюць,
Гамоняць урыўкамі фраз.
Пэўна ўжо не прыгадаюць,
Што яднала ўсіх нас.

Красуе Каліна

Воляй сталёвай брунеюць шыхты,
Аголеным нэрвам гартуецца дух.
Жыцьця вагонь ахвяруюць браты,
Разьбіваючы годнасьцю рабства ланцуг.

Позірк рашучы шаблі ўзмах
Швадрону залп ірве паветра
Кроў закіпае, нішчыць страх,
Зямля дрыжыць у глыбокіх нетрах.

Вораг імкнецца зграяй драпежнай
Абрынуць Айчыны астатні заслон.
Чырванее каліна ў віхуры сьнежным
Стаіць непахісна, нярушна швадрон.

З душы спрабуючы вырваць маленьне
Нішчымнаю зданьню крушнее лавіна.
Засьцілае цемра крыжоў зіхаценьне,
І падаюць у сьнег гронкі каліны.

У жыцьці й сьмерці шалёным карагодзе,
З вогнішча пакутаў, спавітага сьлязьмі,
Стыхіі дыханьне ўзносіцца ў народзе
І з аднаго зерня паўстаем усе мы.

Шляхетнай адвагай палымнее прастора
Вясна пакаленьняў узгарае жыцьцём.
Галасоў мільёны зьліваюцца хорам,
Рушаньне крочыць на гонар братом.

Лукішак пляц, гара Гэдыміна,
Веліч Росаў у спачыне тваім.
Красуе, шуміць і гамоніць Каліна –
Касінерская слава ў сэрцы маім!

"Не сілкуйся шчасьцем маім, лестрыгоне..."

Не сілкуйся шчасьцем маім, лестрыгоне,
Пачуцьцяў маіх ня пі амарант.
Я толькі часова ў тваім палоне,
Табе надарыцца зьмяніць правіянт.

Душы патоля

Здарожаны шляхам жыцьцёвых прыгод
Спыні каня свайго ды расцуглі,
Няхай гарэзуе ён лугам расяным,
Водарам лета бавіць сябе.
Жыхлівым полымем табе душу сугрэе –
Цяпельца, якім апрыкрасьць сваю разамглі.
Вазьмі акраец хлеба і сала скрылёк,
Асаладзіся бульбінай у прысаку сьпечанай.
Сваю тугу вадой гаючай спаталі.
І пад неабсяжным покрывам Чумацкага Шляху
Ля першатворнага вагню шчыруй!
Сустрэнь ранішні вецер і першыя промні,
Што сонеч неба ўзьбіраюць
І хараство зямлі пад ім.
Наўкола сябе пракаветную неруш адчуй!
Свайго каня пакліч і
Пошуму жытоў і шапаценьню мядовага саду
Ля хаты бацькоўскай – багавейна
Насустрач руш, жыві, красуй!

"Цішы празрыстай белы вэлюм..."

Цішы празрыстай белы вэлюм
Шапаціць летуценьню ў павевах вятроў.
Душы лагоду пяшчотна сьпеліць,
Ляціць над жытамі сьнягоў.

"Не схамянецца ўсё аніяк Пасэйдон..."

Не схамянецца ўсё аніяк Пасэйдон,
На Аґіґію ягоныя хвалі імчаць.
Такі ён мае непарушны закон –
Няма калі яму чакаць.

"Калі згаснуць астатнія зоры..."

Калі згаснуць астатнія зоры,
У сьвятле ейных вачэй буду жыць.
У каханьня бязьмежным прасторы,
Спавіты сымфоніяй роднай душы.

"Кліча да сябе Каліпса зноў..."

Кліча да сябе Каліпса зноў –
На выспу далёкую, на край зямлі.
Пад сьвіст Пасэйдону ўтомных вятроў,
Што крушні імчаць да берагоў няблізкіх.

Аніколі німфе не зразумець,
Што сэрца мае Воляй жыве.
Не дапаможа ёй і неспагадны вецер:
Карабль да Ітакі непахісна плыве!

У Каляды

Грэчка духмяніць, паруе
Завіхаецца халва ў ёй.
Арахіс звабна красуе –
Шчадрую каляднаю куцёй!

Стол усквочвае ялінка
З Бэтлеему агністаю зоркай.
Зіхаціць аздобай карцінка,
Маляваная нямецкім алоўкам.

Асьвечанай аплаткаю дзялюся,
Зьлепленай уласнаручна.
Да Пана Бога малюся,
Адчую містычную лучнасьць.

З душы крыляць зычэньні,
Бадзёраць ствяточны настрой.
Каб вытрываць усе цярпеньні,
Каб зазнаць сямейны спакой.

Збавенным, ачышчальным сьвятлом
Нараджаецца Ён у сэрцы маім.
Напаўняе бязьмежным дабром,
Жыцьцялюбствам пераможным сваім!

Ня бойся!

Калі ня маеш прагі жыць,
Знайдзі душы сваёй цяпельца.
Прымусь цяпло яго дарыць,
Запаліць агнём ахвярным сэрца.

Калі губляеш агмень веры,
Падзякуй Богу, што жывеш.
Што не бяздушнаю хімерай,
А чалавекам ёсьць, бязь меж.

Калі бяруць у аблогу страхі,
На вечнае жыцьцё – не забывай.
Няма там бабілёнскіх гмахаў.
Усё тленнае – не трапляе ў рай.

Калі адольваюць сумневы,
Якім ты шляхам маеш йсьці,
Дарогай Праўды, Ісьціны й Веры –
Прастуй, сьцьвярджайся й жыві!

Узгадваючы зоры

“Узгадваючы зоры

1
Уяўляю зораў зьзяньне
У начной вясковай цішыні,
Чумацкі Шлях раскашуе ў небе,
Узносіцца над садам мядовым – ты толькі зірні!
Сьветаў далёкіх россып зіхоткі
Пакінуты шчодрай Божай рукой.
Нібы Сівашу каштоўная соль
На чорнай, урадлівай, тлустай зямлі.

2
Нешта шапочуць, штосілы даводзяць,
Зацята спрачаюцца ў нерушы зоркі.
Выкшталцона красуюць у дыхтоўным убраньні,
Міжсобку гарэзуюць ажно да несьцямы.
Раптоўна зьнічка кульнулася долу,
Жыхнула яскравым агністым сяйвом
Зьніжэла і схавалася…у садзе,
Каб выбухнуць увесну белацьветным вагнём.

3
Пасьля працяглае тужлівае ростані
У неба ўнадзіўся Месячык.
Зырчыць усьмешлівым сваім сярпом,
Шляхетна плыве ў небакрай.

Уяўляю зацята, жыву, успамінаю
Шчырую ціхаю вясковаю ноччу.

"Хвалямі бурхлівымі пеніцца мора..."

Хвалямі бурхлівымі пеніцца мора,
Не схамянецца няўсьцерпны Пасэйдон.
Адвага ў моры бесьсмяротнасьць дорыць,
Лепш шторму дзень, чым ноч у штылі бясконцая.

Вясны чаканьне

1
Ясноцьцем зорак шчыруе дасьвецьце,
Сьцішэлым вятрыскам калыхае смугу.
У зыбку туманную хаваецца Месяц,
Прыжмураным вокам серабрыць мурагі.

2
Весяліць, сугравае гаваркое цяпельца,
Зырчыць пракаветнаю веліччу жыцьця.
Сьпеляцца шчодра, узносяцца мроі –
Я несуладна прагну быць з табою.

3
У прысаку пячэцца бульба,
Вада вячыстая, гаючая спаталяе тугу.
Акраец хлеба і сала скрылёк,
З ласкі Божай – у чаканьні пасілак.

4
Зь першымі агністымі промнямі,
Што небакрай успалымляць,
Я адчую, дачакаюсь, убачу цябе, –
Твае пераможнае вясновае зьзяньне!

"За вакном старатліва церусіць..."

За вакном старатліва церусіць
Пазачасны лютаўскі дождж
Шчыруе вясна Грамніцамі, мусіць –
Сьмяецца гарэзна, пераможна.

Красуе Каліна

Воляй сталёвай брунеюць шыхты,
Аголеным нэрвам гартуецца дух.
Жыцьця вагонь ахвяруюць браты,
Разьбіваючы годнасьцю рабства ланцуг.

Позірк рашучы шаблі ўзмах
Швадрону залп ірве паветра
Кроў закіпае, нішчыць страх,
Зямля дрыжыць у глыбокіх нетрах.

Вораг імкнецца зграяй драпежнай
Абрынуць Айчыны астатні заслон.
Чырванее каліна ў віхуры сьнежным
Стаіць непахісна, нярушна швадрон.

З душы спрабуючы вырваць маленьне
Нішчымнаю зданьню крушнее лавіна.
Засьцілае цемра крыжоў зіхаценьне,
І падаюць у сьнег гронкі каліны.

У жыцьці й сьмерці шалёным карагодзе,
З вогнішча пакутаў, спавітага сьлязьмі,
Стыхіі дыханьне ўзносіцца ў народзе
І з аднаго зерня паўстаем усе мы.

Шляхетнай адвагай палымнее прастора
Вясна пакаленьняў узгарае жыцьцём.
Галасоў мільёны зьліваюцца хорам,
Рушаньне крочыць на гонар братом.

Лукішак пляц, гара Гэдыміна,
Веліч Росаў у спачыне тваім.
Красуе, шуміць і гамоніць Каліна –
Касінерская слава ў сэрцы маім!

"Паветра воляй захмелела..."

Паветра воляй захмелела,
Такой п’янюткай і чаканаю.
Душа ўсьцешана запела,
Калі абняў сваю каханую.

"Выспа чужынская не заменіць Ітаку..."

Выспа чужынская не заменіць Ітаку,
Пасэйдон, не рупісься – усё дарма.
Крушні гані свае лепей да Вакха,
Адхалонь, кульні злобу ў вясёлы туман.

"Вясну маю - не спыніць, не спрабуй..."

Вясну маю – не спыніць, не спрабуй,
Марозу кайданы табе не дапамогуць.
Мяцеліцай увішнай скавытай ды злуй,
Весялуе Сонца над табою ясным вокам!

"Пайшла з жыцьця разумніца Кандзі..."

Пайшла з жыцьця разумніца Кандзі,
Ня зьведаўшы джунгляў вольны прастор.
Ейны давер спрычыніўся да зману:
Стаць чалавекам нельга ў каморы.

"Піліґрымкай прастаем у цянётах быцьця..."

Піліґрымкай прастаем у цянётах быцьця
Сярод бясконцых зор, пастаўшы зь нічога.
Дарогаю зь няволі да збавеннага жыцьця
Зь любоўю і вераю ў нас Госпада Бога.

"Насуперак завеям лядашчым і студзёным..."

Насуперак завеям лядашчым і студзёным,
Палону сьнежнага абдоймам млосным,
Гляджу ў лета – зацята, утрапёна:
Усе мітрэнгі зьнікнуць – як на Сонцы росы.

"У пальмовую нядзелю..."

Кружляюць чайцы ў небе самотным,
Шчымліва галосяць, непамысна крычаць.
Дыханьне мора ў паветры слотным,
Хмары крушнеюць, як хвалі імчаць.

У сэрцы ўзрушаным залатнее ранак,
Што над местам спрадвечным праліўся сяйвом.
Узмацняючы веру, сустракаю Пана,
Душу напаўняю ахвярным вагнём.

"Узыходзіць Сонца пажарам нябесным..."

Узыходзіць Сонца пажарам нябесным
Над поўнай сноў, засмужанай Зямлёй.
Імкне душою ўзьляцець вясёлай песьняй
Над роднаю старонкай – вячыстай і сьвятой.

Абіраючы вясну

У жыцьця калабегу імгненьне кожнае
Ці з Сонцам ляцець асьвятляючы дзень,
Ці з хмарай панурай выціскаючы дождж,
Ці праз страх, баязьлівасьць, плітуючы ў цень.

Ці ісьці супраць плыні, бяз рэшты згараць,
Не прымаючы пыху, пакору, ману.
Аднаўляцца з вагню, стралой узьлятаць,
Свабодна жыць, абіраючы сэрцам вясну.

"Хачу верыць у лепшае заўтра..."

Хачу верыць у лепшае заўтра
Насуперак Пасэйдону хвалям, вятрам.
Захоўваючы ў сэрцы сьвятую праўду
І каханьня ўсясьвет – Сонечны храм!

Водар дажджу

Чую раптоўны водар дажджу,
Зацярушваюць успаміны сьвядомасьць.
Памятаю, як ходнікамі, брукаванкаю
Блукаеш ты разважліва, дыхтоўна
Вулкамі старымі гораду майго,
Туляешся ласкава да камяніцаў.
Пра нешта зь Нёманам нетаропка гамоніш,
Буйнымі кроплямі цьвеліш яго.
Замілавана шапоціш дахоўкай бажніцаў,
Зыходзіш долу пакрыжанай вадой.
Летуценна гарэзуеш у Швайцарскай даліне,
Жартоўна над маладым вясельлем цярусіш.
Важліва й шчасна, з шляхетнай любоўю
Старатліва раскашуеш ля Ажэшковай.
Між дуэлянтамі-замкамі стаіш сэкундантам,
Акрапляеш Князя Вялікага на сьведка свайго.
Калі ж зьняможаны ўсквецішся сонцам
Незьлічонымі дыямантамі выбухаеш вакол.
Памятаю, як лагодзіш ты душу,
Чую раптоўны водар я твой.

Прага хараства

1
Травы скошанай пах адчуваю,
Набрынялай расою, сьпеленай сонцам.
У думках сваіх з муроў вырынаю,
Прагну хараством наталяцца бясконца.

2
Бачыць лясоў пракаветную неруш,
Да забыцьця занурацца ў пошум жытоў.
Зноў у папараць-кветку паверыць,
Каштаваць бацькоўскага саду дароў.

3
Сустракаць зь першымі промнямі ранак,
У вазёрнай распускацца сінечы.
Насалоджвацца ў вачох каханай –
Зьзяньнем Шляху Чумацкага вечным.

Мару пра цябе (Чакаю на цябе)

Бачу аблічча твае ў аблоках,
Што ў небе кратаваным імчаць.
Узьлятаю ў яго шпаркім сокалам
Прагну крыламі цябе сваімі абняць.

Адчуваю ў зіхоткім Сонца прамені
Тваю пяшчотную, ласкавую лагоду.
У руплівым, ахвярным маленьні
Дару душы тваёй нябесныя кляйноды.

У дожджыка вясновым шапаценьні
Чую, як сьмех твой грае мэлёдыяй жыцьця.
У мілагучным ягоным цурчэньні
Адшукаць можна ўсе таямніцы быцьця.

Далятае да мяне ветрыкам летнім
Твой голас – пазазямны, дзівосны.
Быў народжаны я ў гэтым Сусьвеце,
Каб любіць яго, чакаць, узносіць.

Насуперак нягодам – я шчасьлівы
Ты найкаштоўны скарб у Ягоных дарах.
Мы разам з табою заўжды, мая мілая,
А шчэ мы жывем з табою ў снах.

"Пэрліна яскравая двух кантынэнтаў..."

Пэрліна яскравая двух кантынэнтаў,
У велічы спрадвечнай ты дорыш надзею.
Ня трэба сьлёз пракудных, сантымэнтаў,
З халоднай ятрасьцю і верай – я ўсё зразумею.

"Так карціць паноўна цябе трымаць за руку..."

Так карціць паноўна цябе трымаць за руку,
І пад ськляпеньнямі высокімі ў велічы вякоў
Адчуць душы палёт і сэрцаў такт ва ўнісоне гукаў,
І быць мэлёдыяй адзінаю, гучаць і зноў і зноў!

"Леў паўсталы ўзыходзіць рашуча..."

Леў паўсталы ўзыходзіць рашуча,
У сталёвым позірку воля мільёнаў.
Заратуштра, Мухамад тыранаў ня вучаць:
Хто выжыў у Шоа, зрабіў кулакамі далоні.

Gloria Patria

Шляхетна плывеш пад блакітам нябёсаў
З паўзмрочча стагодзьдзяў, зь сьвітаньня жыцьця,
Дыхаеш старымі вулкамі, мурамі, камяніцамі
Моцай фартэцыяў і лязґатам сечы,
Імклівай пагоняй і воклічам продкаў “Рубон!”.
Палымнееш вагнём крыжоў
Сьпічастых бажніцаў,
Яскравым золатам жытоў,
Што сьпеляцца Сонцам.
Красуеш аборамі баравіньня густога,
Купчастым вецьцем гаёў,
Сінечай вазёраў, што неба люструюць,
Хараством спрадвечным рачных берагоў.
Шчыруеш чарніцамі, малінамі,
Суніцамі, ажынамі і россыпам грыбоў.
Духмяніш першацьветам мядовага саду,
Маладым мурожным сенам.
Сьпяваеш званіцамі, гаманкім кірмашом,
Птушыным граем і клёкатам буслоў.
Жывеш руплівасьцю, спагадаю сьвятой
І Божым талентам сыноў, дачок сваіх,
Сямейнай злагадай, сяброўскай талакой.
Ты танчыш радасна ў заручынах,
Вясельлях і радзінах,
У сьвятах гаваркіх, хрэсьбінах.
Смуткуеш у хаўтурах і паразах,
У пошасьцях чужынскіх
І марных спробах зьнявечыць тваю душу.
Цябе залівалі бурхлівыя хвалі,
Імкнулі сьцяной нішчымнай уцягнуць у нябыт.
Ты плыла нацянькі праз магутныя крушні Патопу,
Бязбожжа чырвонай чумы й сьмяротнае пыхі.
І кожнага разу – паўставала наноў!
Як сівая матуля на ґанку
Ты позіркам глядзіш замілаваным, адвертым.
Гушкаеш няўрымсьлівых дзяцей сваіх.
Гайдаеш катаў і ахвяраў.
Празь неспагодную пару ты пройдзеш,
Праз халодны, непамысны дождж, слату,
Празь нізкія мурзатыя аблокі
І вецер паўночны й смугу.
Бо ў сэрцы тваім, а роўна – у маім –
Жыхлівае полымя надзеяй і верай ярчыць.
Яно дае нам моцы, прагі і імпэту
Жыцьцё свае парадкаваць і ладзіць.
Плывем мы з табою пад блакітам нябёсаў
І сьцягам Хрыста
І покліч з намі ўдаўнёны:
Бог нам радзіць!

"Якім ты будзеш, волі першы подых?"

Якім ты будзеш, волі першы подых?
Калі ўсё навокал загарэзуе, затаньчыць,
Старонка родная хмяльным сустрэне водарам,
І завіруем у абдымках – я з сваёй каханаю.

-615-

Страшэнны лязґат, сечы гром,
Ламачча дзідаў, людзі, коні,
Удар мячоў, сякераў
Наструнены двубою шал.
Зямля дрыжыць,
Трымціць у калатнечы.
Спавіты крэпам жалобным
Агромністы вялізны гмах,
Што счэсвае вежамі сваімі неба, –
Руйнуецца, хістаецца, крычыць.
Вялікай адвагай і воляй народаў
Вогнекрылае рушаньне Сонцам зазьзяла,
Браты павярнулі зухваламу маґістру
Ягоныя крыжацкія мячы.
Рыцарскі гонар, шляхецкая годнасьць,
Веліч продкаў ля Грунвальда і Танэнбэрґа
Натхняюць, сілкуюць празь вякі,
Гараць у сэрцах
Палымяным вагнём пакаленьняў.

Вецер

Гартае вецер старонкі гісторыі
Павевам рахманым, трапяткім.
Пяшчотнаю далоняю кранаецца,
Лагодзіць пошумам шарготкім, гаваркім.

Шамаціць вясёлай, гарэзнаю песьняю,
Лашчыць бачыны сваёй цеплынёй.
Гайдае чутліва, раздумна ў зыбцы
Сваёю нябачнай нябеснай рукой.

Наляціць раптоўнаю крутняю,
Сьцюдзёнай ятрасьцю пакажа клыкі.
Старонкі завіхураць ліставеем –
На імгненьні пераўтвараючы вякі.

Застаецца Слова, Дарога Жыцьця,
Загараюцца паноўна зоры,
Нараджаючы сьвятло новага дня,
А вецер гартае старонкі гісторыі.

"Бялее вялізная разлога поля..."

Бялее вялізная разлога поля,
Зь ветрам прыдарожным прысьпяшаю хаду.
Душа прагне абшару адкрытага, волі –
Асьмяглай будзе піць – гаючую ваду.

Горад радзінны

Душа выбухне полымем шчасьця,
Калі крануся тваіх замкавых муроў,
Калі прывітаеш дажджом каралеўскіх вулак,
Зайграеш мілагуччам бажніцавых званоў.

Калі ўвайду ў хуткаплынныя хвалі,
Што тваю веліч люструюць безьліч гадоў.
Калі сустрэнеш абдоймамі пагоркаў,
Зацішным нерушам сваіх берагоў,
І позіркам чароўным з пракаветнага амвону,
Даруючы правіны і дорачы любоў.

***
Зчэсваюць неба магутныя горы,
Імчыць свае воды зухаваты Юкон.
Поўнач прызнае толькі пакору,
Нізкі, дарма што з ардырскім апломбам, – паклон.

"Фартэцыю веры мацую ўпарта..."

Фартэцыю веры мацую ўпарта,
Будую муры, дадатковыя вежы.
Да сэрца свайго – падвойную варту
І духаў-уланаў бадзёрых – на межы!

Душы прагненьні

Хоча напоўніць сябе бясконцай далечай
Сонцам сьпеленага мора жытоў,
Зорнага неба зьзяньнем вечным,
Сьцяжынак адоленых і шляхоў.

Загучэць карціць песьняю жваваю
Маладой жыцьцядайнай Вясны
Зямлі продкаў спрадвечнаю, слаўнаю.
Пра куточак вазёрны й лясны.

Жадае спатоліць сябе водарам
П’янюткай, дрымотнай чаромхі,
Лугавіньня ў росах пахам лагодным
Ля бацькоўскага роднага дому.

Усьцешыцца радасьцю прагне
Размовы сяброўскай, шчыраваньня братоў,
Добрых сэрцаў, мірнага стану
І танцам з каханай у цьвеце садоў.

Крышталь волі

Скрылёк неба ў абдоймах бэтонных
Так блізка й неймаверна далёка.
Душа глядзіць у кратаванае прадоньне –
Крышталь блакіту, волі – для яе палёгка.

Цэлы Сусьвет схаваны ў ім
Зь бязьмежжам прасторы, неспатоляй часоў.
Сэрца грэе, што ён над Радзімай,
Яго не закуеш у мэтал кайданоў.

Заярчэла сонцам раптоўна павута,
Што неба агарнула завеяй.
Скрылёк залатнее, грае пракудна,
Чаканьне ўзрушвае, сьпеліць надзею.

Восень

Ліставеем палымяным кружляе,
Залатым пажарам гарыць.
У палянэзе шляхцянкай паважнай
Змушае кожнае імгненьне жыць.

Лагодзіць цішынёю спагаднай,
Замілаваньнем хмелячы сэрцы,
Тым, хто нарадзіўся, хто прагне быць,
І ў душы каго гарыць цяпельца.

"Чакаю зь любасьцю, чакаю зь няўсьцерпам..."

Чакаю зь любасьцю, чакаю зь няўсьцерпам,
З адвертым позіркам, палымянаю верай.
Загартаваным духам, аголеным нэрвам,
З чыстым, сьвятым і выразным намерам.

Чакаю ахвярна, чакаю штосілы
Разнясьцежаным сэрцам, нязгуслай душою,
Як вецер напоўніць сакаліныя крылы
Палётам імклівым, жыцьця вышынёю.

"Яны паверылі, што кантралююць часу плынь..."

Яны паверылі, што кантралююць часу плынь,
Што перад імі нібы ўкленчылі богі.
Аэрадром саламяны будуюць бяз спыну:
Мо прыляціць жалезны птах з аблокаў.

"Апануранае, стуленае неба ляжыць..."

Апануранае, стуленае неба ляжыць
У пазасьвецьці суценка слатнога,
Але ў душы ясноцьцем Сонца гарыць,
Пануе лета з перамогай усяго жывога.

"Ляціш, Пасэйдоне, стрымгалоў напярэймы..."

Ляціш, Пасэйдоне, стрымгалоў напярэймы,
Бурхлівымі хвалямі ўчапіў карабель.
Паноўна нясеш яго да слупоў Гэркулеса,
Прагнеш пакінуць без жаднай надзеі.
Ведай, я роднага краю не зчужаюсь ніколі,
Ня дам сабе змаркатнець.
Сэрца мае належыць каханай
І я свабодны ў тваёй хіжай няволі.

Жыць

Электрызуе думкі навальніцы подых,
Душа поўніцца энэрґіяй буры.
Чакаю на дажджоў абдоймы родных,
На танец зь небам у магутным віхуры.

На першыя раптоўныя промні Сонца,
Што аздобяць крывіцкае покрыва,
Да якіх я імкнуся бясконца,
Якія запаліў сам Госпад Бог.

Узношуся ў вышыню, да зорнага ўлоньня,
Натхнёна хараством зямным жагнаюся.
Безьліч сьветаў вакол, што стварыў Ён,
Магу стаць часткаю раю, але не, вяртаюся.

Зьнічам лячу, дарэшты згараю,
Каб адрадзіцца і ў сэрцы насіць –
Вагонь, зь якім я паноўна цябе адшукаю,
Тую, дзеля якой варта нараджацца і жыць.

У мове і ў вершах, у светлых людзях, што ў цёмных месцах, – Беларусь Жыве.